Чытаць арыгінальны допіс па-англійску

Лета пераацэньваюць. Затое сёння абнавіўся Telegram, і цяпер у Вас ёсць:
Пашыранае фарматаванне для стварэння блогаў, артыкулаў і доўгіх допісаў.
Супольнасці — інструмент для аб'яднання каналаў, груп або ботаў.
Знікальныя паведамленні ў суполках — адказы ад ботаў, якія бачныя толькі Вам.
350 мільёнаў GIF-анімацый — і новы, паскораны пошук па іх.
Мы ведаем, што Вы не надта ўмееце выказвацца словамі. Таму мы дадалі да халеры новых анімацый убудаваны тэкставы рэдактар з падтрымкай загалоўкаў, табліц, спісаў, цытат і блокаў кода. З яго дапамогай таксама можна дадаваць фота і відэа проста пасярэдзіне паведамлення.
Калі ж словы ўсё-такі спатрэбяцца, AI-інструменты на базе Cocoon дапамогуць згенераваць «Вашы» тэксты з захаваннем поўнай канфідэнцыяльнасці.
Як і ў выпадку з пашыраным фарматаваннем для ботаў, рэдактар дазваляе адпраўляць да 32 768 сімвалаў у адным паведамленні. Настаў час паказаць машынам, на што здольны чалавечы графаман.
На дадзены момант новы рэдактар даступны карыстальнікам з падпіскай Telegram Premium. Чаму толькі ім? Так уладкаваны наш капіталістычны рай за жалезнай заслонай блакіровак.
Цяпер некалькі груп, каналаў і ботаў можна аб'яднаць у тэматычную супольнасць. Удзельнікі супольнасці могуць бачыць усе чаты і імгненна далучацца да іх. Заснаваць уласную секту яшчэ ніколі не было так проста.
Чаты ў супольнасці могуць быць бачныя ўсім удзельнікам або схаваныя ад усіх, акрамя кіраўнікоў супольнасці і ўдзельнікаў гэтых чатаў. Бо не бывае секты без таемнай групы для вярхоўных жрацоў з кулінарнымі рэцэптамі.
Супольнасці робяць спіс чатаў больш кампактным. Вы можаце наладзіць адлюстраванне супольнасці ў выглядзе аднаго чата, які разгортваецца пры адкрыцці, — або ў выглядзе звыклых асобных чатаў.
Па змаўчанні супольнасці адкрытыя для сумеснай творчасці: любы ўдзельнік можа дадаваць новыя чаты — але Вы можаце спыніць гэтую практыку ў наладах (напрыклад, пад падставай барацьбы з каранавірусам). У гэтым выпадку ўдзельнікі змогуць толькі прапаноўваць новыя чаты.
Гасцявы рэжым дазваляе запытваць у ботаў інфармацыю ў любым чаце. З сённяшняга дня можна не загрувашчваць запытамі і адказамі суполку для астатніх удзельнікаў.
Цяпер боты ў групах могуць адпраўляць паведамленні, якія бачыць толькі адрасат, — напрыклад, прывітанні, кароткія зводкі ад AI, паведамленні пра памылкі, запыты на пацвярджэнне або меню з кнопкамі.
Боты могуць адпраўляць знікальныя паведамленні самастойна або ў адказ на пэўныя каманды, пазначаныя ў меню бота спецыяльным значком. Паведамленні з такімі камандамі таксама бачныя толькі боту і карыстальніку, які іх адправіў.
Распрацоўшчыкі ботаў могуць больш падрабязна азнаёміцца са знікальнымі паведамленнямі ў кіраўніцтве.
Дарэчы, пра недахоп слоў: цяпер у панэлі GIF даступны пошук па больш чым 350 мільёнах GIF на 36 мовах. Абноўлены пошук працуе дзякуючы афлайн-індэксацыі папулярных агульнадаступных GIF з дапамогай AI-мадэляў з адкрытым зыходным кодам.
У адрозненне ад усіх іншых месенджараў, у Telegram пошук GIF-анімацый цалкам канфідэнцыйны, не залежыць ад іншых сэрвісаў — а цяпер яшчэ і працуе значна хутчэй, чым раней.
Вось, Вы ўсё прачыталі. Цяпер час ісці па марозіва.
14 ліпеня 2026,
Каманда Telegram